Старонка:Песня пра цара.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Не паганіў жонкі я чужой,
Не разбойнічаў цёмнай ночкаю,
Не таіўся ад свету нябеснага…
І сказаў ты тут праўду шчырую:
Па адным з нас двух будуць паніхіду пець
Не пазней мо’, як заўтра ў час абедзенны;
А другі з нас няхай выхваляецца,
Між сяброў сваіх піруючы.
Не жарт жартаваць, не людзей пацяшаць
Вышаў я к табе, бусурманскі сын,
Вышаў я на страшны бой, на апошні бой!»

Тое чуючы, Кірыбеевіч
Пабялеў як снег цёмнай восенню;
У вачах яго свет затуманіўся,
Паміж дужых плеч як мароз прабег,
І не змог у адказ ён слова вымавіць…

Вось моўчкі яны разыходзяцца,—
Багатырскі бой пачынаецца.

Размахнуўся тады Кірыбеевіч
І ударыў ён першы Калашнікава,
І ўдарыў яго пасярод грудзей,
Аж пачуў народ—грудзі трэснулі,
Пахіснуўся Сцяпан Парамонавіч;
Па грудзях яго шырокіх вісеў медны крыж
Са святымі мошчамі з-пад Кіева,—
І пагнуўся крыж і у грудзі ўліп;
Як раса з-пад яго кроў закапала;
І падумаў Сцяпан Парамонавіч:
«Што мне суджана, тое й збудзецца;
Пастаю за праўду да астатняга!»
Падлаўчыўся ён, падгатовіўся,
І сабраўшы ўсю сілу дужую,
Ён ударыў свайго ненавісніка
Проста ў левую скроню з усяго пляча.
І апрычнік малады застагнаў тады,
Захістаўся і мёртвым паў;
Паваліўся ён на халодны снег,
На халодны снег, як сасоначка,