Старонка:Песня пра цара.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Ты наш большы брат, нам другі айцец:
Рабі сам ты, як знаеш, як ведаеш,
А ўжо мы цябе, роднага, выручым».

* * *

Ай вы, хлопцы, грайце—лад вы гуслям дайце!
Ай вы, хлопцы, піце—справу не зглуміце!
Ды пацешце вы добрага баярына
І баярыню яго светлатварую.

III

Над Масквой вялікай, златаглаваю,
Над сцяной крамлёўскай белакаменнай
З-за далёкіх лясоў ды з-за сініх гор,
Над застрэшкам новым ззяючы,
Хмаркі шэрыя разганяючы,
Зара светлая паднімаецца,
Рассыпае косы залацістыя.
Абмываецца снягамі сыпучымі;
Як дзяўчына-краса, ў люстра гледзячы,
Ў неба чыстае глядзіць, усміхаецца.
Ах, нашто ты, алая зара, прасыпалася?
Ды з якой ты радасці разгулялася?

Як сыходзіліся, збіраліся
Удалыя байцы маскоўскія
На Маскву-раку, на кулачны бой,
Разгуляцца ў свята, пацешыцца.
І прыехаў цар, і дружына з ім,
І баяры з ім і апрычнікі.
Абвялі ланцугамі сярэбранымі,
Чыстым золатам у колцах спаянымі.
Месца вольнае ў дваццаць пяць сажон
Для ахвотніцкага бою, адзіночнага.
І вялеў тады цар Іван Васільевіч
Кліч клікаць гучным голасам:
«А і дзе вы, малойчыкі добрыя?
Вы пацешце цара нашага бацюхну.
Гэй, выходзьце вы у шырокі круг;
Пераможа хто—ўзнагароду цар дасць,
Хто каго перамог—хай даруе бог!»