Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Так.

— Кавор! У такім выпадку мы не павінны траціць ніводнай хвіліны. Трэба шукаць балён! Я думаю, што нам куды карысьней будзе падзяліцца і накіравацца кожнаму на самастойныя пошукі. Мы прымацуем на відным месцы хусьцінку, і яна будзе нам паказваць месца збору. Калі хто-небудзь з нас знойдзе балён, то ён адзначыць свой шлях якімі-небудзь прыметнымі адзнакамі і зараз зьвернецца да гэтай хусьцінкі. Такім чынам мы напэўна ня згубім адзін аднаго!

Я ўстаў. Кавор таксама.

Праз некалькі імгненьняў ён пайшоў. Зрабіўшы некалькі крокаў, ён спыніўся, абярнуўся да мяне і сказаў:

— Да пабачэньня.

Ён прысеў і потым скокнуў на поўнач. За першым скачком пасьледваў другі. Я паглядзеў яму ўсьлед, потым абярнуўся на захад, абраў месца для скачка і з адчуваньнем чалавека, які скача ў сьцюдзёную ваду, паляцеў наперад.

Калі я праз некалькі скачкоў глянуў у той бок, куды накіраваўся Кавор, я яго больш ня ўбачыў. Хусьцінка, аблітая сонечнымі праменьнямі, вісела на сваім месцы. Я цьвёрда парашыў, што-б са мною ні здарылася, ня выпушчаць з вачэй гэты маяк.

Некаторы час я аглядаў мясцовасьць з напружанай увагай, не прапушчаў ніводнага кутку, але потым я міжвольна пачаў падавацца паслабляючаму ўплыву сьпякоты і рэдкага паветра. Урэшце, я сеў адпачыць