лянітаў, ды і тыя, калі ўбачылі нас, зараз-жа схаваліся. Як відаць, яны ўжо чулі пра нашу сілу і нашы ўчынкі. Урэшце, сьпіральная дарога прывяла нас у шырокі просты тунэль, які крута ішоў угару. Гэты тунэль быў вельмі кароткім, і падаючае з вышыні сьвятло асьвятляла яго да самага канца.
Хутка ў тунэлі зрабілася значна сьвятлей. Потым угары зьявілася асьветленае вусьце, аблямаванае востраліснымі расьлінамі. Да вусьця вяло жарало, якое ўзьнімалася амаль што старчакова, і расьліны чорнымі сілуэтамі вызначаліся на ярка асьветленым фоне.
Урэшце, мы выйшлі з тунэлі. Стомленыя, ледзь перасоўваючы ногі, мы ішлі па аголеных каменьнях, лезьлі на нейкія ўзгоркі і, урэшце, задыхаючыся, селі ў цяньку застылага патоку лавы. Нават у цені каменьні былі гарачымі.
— Кавор, — сказаў я, — што-ж нам цяпер рабіць? І што будуць рабіць селяніты?
— Ня ведаю. Мы ня можам здагадацца, што яны будуць рабіць.
Я задумаўся. Праз некаторы час я сказаў:
— Вядома, перш-на-перш мы павінны знайсьці наш балён. Калі-ж нам гэта ня ўдасца, то да наступленьня ночы нам трэба зноў апусьціцца ў капальню і пачакаць унізе наступленьня чарговага дню. Іншага выхаду няма. Мы павінны будзем, у крайнім выпадку, зноў змагацца з селянітамі.
Я глянуў навакол. У выніку нязвычайнага разьвіць-