Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Бэдфорд! — прасіпеў Кавор. — Глядзеце: белае сьвятло! Там, угары!

Я глянуў і, сапраўды, убачыў палоску белага сьвятла, вельмі падобнага на дзённы. Гэта, здалося падвоіла мае сілы.

— Не адставайце! — крыкнуў я Кавору.

Стрэлы ўсё яшчэ былі накіраваны на маю няшчасную куртку, якая пасьпела ператварыцца ў шчаціну з пік. Я выхапіў з курткі штангу, кінуў куртку і крыкнуў Кавору:

— Уперад!

Я зрабіў вялікі скачок і паляцеў проста на натаўп селянітаў, размахваючы двума цяжкімі вагарамі.

Я шалёна зьнішчаў селянітаў направа і налева. Наш напад быў для іх настолькі нечаканым, што яны нават не абараняліся і не ўцякалі. Мне здалося, быццам я пракладваю сабе дарогу сярод вялізарных грыбоў, якія пад маімі ўдарамі разляталіся пырскамі. Аднак, хутка селяніты ачухаліся ад першага аслупянення. Навокал мяне зноў засьвісьцелі пікі. Адна з іх параніла мяне ў шчаку, другая — упілася ў плячо.

Аднак, усё гэта я зразумеў толькі пазьней. У той час я адчуваў толькі, што навокал мяне ляцяць пырскі нечага мокрага, што я наступаю на нешта распоўзлае пад маімі нагамі, пісклівае і крыклівае. Урэшце, я прарваўся. Вялікімі скачкамі я праляцеў праз натаўп селянітаў. Перада мною адчыніўся прастор. Селяніты засталіся ззаду і з піскам разьбегліся ва ўсе бакі.