Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чым далей я пасоўваўся ўперад, тым шырэй рассоўвалася пячора і тым гусьцей рабіўся натаўп селянітаў. Некаторыя з іх беглі мне насустрач, махаючы сякерамі. Здалёк былі відаць піканосцы ў шлемах, — наогул надыходзіла сур’ёзная бойка. Каля мае галавы прасьвісьцела кінутая піка і глыбока ўпілася ў адну з каровіных туш. Другая піка ударылася аб каменную падлогу каля маіх ног. Потым паветра напоўнілася сьвістам і сіпеньнем. Я зразумеў, што ў мяне страляюць залпамі. Я кінуўся ў прамежак паміж кароўімі тушамі і прысеў там, ледзь пераводзячы дых. Праз некалькі сэкунд да мяне далучыўся Кавор. На яго твары ад хваляваньня дрыжэлі ўсе мускулы.

Далейшы плян мне рысаваўся такім чынам: мы павінны шпарка перабягаць ад аднаго шэрагу туш да другога, карыстаючыся імі, як прыкрыцьцямі, а потым, калі мы наблізімся да выхаду з пячоры, мы зробім рашучую вылазку і паспрабуем прабіцца на волю.

Я зараз-жа пасунуўся ўперад. Хоць цесната перашкаджала нам скакаць, але ўсё-такі мы рухаліся значна шпарчэй за селянітаў і мільгалі паміж тушамі так нечакана, што хмары кінутых пік кожны раз спазьняліся.

Але прамежкі паміж тушамі рабіліся ўсё шырэй. Тады я ўспомніў пра адну ваенную хітрасьць. На хаду я сарваў з сябе куртку, надзеў яе на залатую штангу і пакінуў гэта паміж тушамі. Зараз-жа ў гэта пужала панесьліся залпы. Мы скарысталі гэта і адразу прабеглі вялікі адчынены прастор.