Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і ён дзейнічаў ёю ня менш энэргічна, чым я. Мы так захапіліся сваімі заняткамі, што зусім забыліся аб селянітах, працуючых у пячорах, але яны самі напомнілі аб сабе. Каля мае галавы прасьвісьцела кінутая сякера, ударылася аб сьцяну і ўпала мне пад ногі.

Я абярнуўся і ўбачыў натаўп гэтых страшыдлаў, якія насоўваліся на нас, грозна размахваючы сякерамі. Гэта былі невялікія, прыземістыя фігуры, вельмі мала падобныя на тых селянітаў, з якімі нам давялося мець справу раней.

Я крыкнуў Кавору:

— Ахоўвайце краты!

Сам я зароў, каб паказацца больш страшэнным, і кінуўся на селянітаў. Мой разьлік быў правільным. Двое ці трое з іх кінулі ў мяне свае сякеры, але сполах перашкодзіў ім цэліцца, і сякеры праляцелі паўз мяне. Потым яны павярнуліся і кінуліся наўцёкі. Я ніколі ня бачыў такога перапуду.

Я ведаў, што піка магла даць мне мала карысьці. З гэтае прычыны я прасьледаваў селянітаў толькі да першай груды туш, потым пасьпяшыў схапіць адзін з вагароў, якія ляжалі на падлозе. Вагар быў досыць важкім, але ўсё-такі я схапіў і другі вагар, для другой рукі, а піку кінуў. Селяніты адбеглі ад мяне на значную адлегласьць і спыніліся. Я пагразіў ім сваімі вагарамі і абярнуўся да Кавора.

Ён скакаў каля крат і калоў уніз сваёй паламанай пікай. Гэта было дастаткова прынамсі на час, каб затрымаць селянітаў унізу. Але што нам рабіць далей?