Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэты парыў, аднак, меў зусім нечаканыя вынікі. Атрымаўся адзін новы сурпрыз, якімі быў повен месячны сьвет.

Пад маім ударам селяніт зусім разьляцеўся на кавалкі! Эфэкт быў такі, як ад удару паленам па старым грыбе. Ва ўсе бакі паляцелі пырскі. Квашаніна адляцела крокаў на дванаццаць і плёхнулася мокраю кучай. Я ніколі не паверыў-бы, што жывое стварэньне можа быць такім крохкім. Селяніты, спалоханыя маім рэзкім рухам, адбеглі на некалькі крокаў. Расправа з піканосцам настолькі іх зьдзівіла, што некаторы час яны нічога не рабілі і стаялі нярухома.

Потым раптам усё прышло ў рух.

Для мяне было зразумела, што нам трэба абараняцца, трэба скінуць ланцугі. Я абярнуўся да астатніх піканосцаў і адзін з іх зараз-жа кінуў у мяне піку. Я, аднак, пасьпеў нахіліцца, і піка праляцела над маёй галавой, — яна здаецца звалілася ў прорву. Тады я кінуўся на гэтага абязброенага селяніта. Ён пабег наўцекі, але я адным скачком дагнаў яго і ўдарыў ланцугом па сьпіне. Эфэкт атрымаўся такі самы, як пры першым удары: селяніт ператварыўся ў кашу. Але пры гэтым я пакаўзнуўся ў вадкай масе яго цела і паваліўся. Я ў момант узьняўся. Каля маёй галавы праляцела другая піка. У глыбіні тунэлю, па якім мы прышлі, мільгалі фігуры ў беспарадку ўцякаючых селянітаў. Я нахіліўся, адагнуу зашпільку кайданаў і выпрастаўся з ланцугамі ў руках. У гэты час каля мяне праляцела яшчэ адна піка. Потым я абярнуўся