Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

гімнастычныя здольнасьці Кавора, як відаць, зьдзівілу селянітаў, бо яны, ня спушчаючы з нас погляду, шпарка адышлі ад нас на некалькі крокаў. Мы апынуліся ў замкнутым коле, складзеным з гэтых казачных стварэньняў.

XIV
Небясьпечны мост

Становішча заставалася няпэўным ня больш сэкунды. Кавор узяў мяне пад руку.

— Мы павінны падначаліцца, — сказаў ён. — Яны нас не разумеюць. Давядзецца нам ісьці за імі!

Ён абярнуўся і пайшоў у тым кірунку, у якім нас вялі раней.

Я пакорліва пайшоў за ім.

Спачатку селяніты ішлі на пачцівай адлегласьці ад нас, але потым наблізіліся і зноў пайшлі поплеч.

Я памятую, што спачатку на падлозе, а потым па сьцяне ішоў непарыўны жолаб, па якім цякла сьветлая вадкасьць, здабытая таямнічай машынай. Гэтае вадкае сьвятло, як я тады-ж упэўніўся, зусім не давала цёплавых праменьняў. Яно толькі сьвяціла, але само было ня сьцюдзёней і не цяплей за іншыя вакольныя мёртвыя прадметы.

Мы пайшлі пад вагарамі і каламі другой вялізарнай машыны і потым накіраваліся ў доўгі тунэль. Тут гулу машын амаль што зусім ня было. Там-сям ля