Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Ці нельга даць яму зразумець, што нас вельмі цікавіць гэта машына?

— Можна паспрабаваць.

З гэтымі словамі Кавор абярнуўся да тоўстага селяніта, ухмыльнуўся, паказаў рукой на машыну, потым паказаў на свой лоб і зноў на машыну. Калі гэта не дапамагло, ён чамусьці ўявіў, што селяніты зразумеюць яго, калі ён зьвернецца да іх з прамоваю на ламанай мове, і сказаў:

— Я будзе глядзець. Мяне цікава. Я хоча бачыць. Так.

Наша ўпартасьць зьявілася для селянітаў зусім нечаканай. І дзіўныя галовы зарухаліся, пачулася шчабятаньне, якое замяняла ім членападзельную мову. Потым адзін з іх, высокі, худы, шчуплы, апрануты ў плашч, раптам абняў Кавора за стан, і пачаў цягнуць яго ўперад. Кавор супраціўляўся.

Ён энэргічна ківаў галавой і казаў:

— Не! Не! Мая ня хоча. Мая будзе глядзець!

— Ці нельга цяпер пакарыстацца геомэтрыяй — прапанаваў я, покуль селяніты радзіліся.

— Трэба паспрабаваць. Я думаю, што парабола…

На гэтым слове Кавор сам абарваў сябе, распачліва ўскрыкнуў і зрабіў скачок вышынёю ня менш шасьці футаў.

Адзін з узброеных селянітаў кальнуў яго сваім вострым сьпічаком.

Я абярнуўся да гэтага селяніта і зрабіў пагражальны гэст. Ён адскочыў убок. Мой гэст, крык і