Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ростам. Апрача таго, я заўважыў, што яны былі апрануты таксама як і селяніты, якіх мы сустрэлі наверсе, у кратэры. На іх былі такія самыя шлемы, са сьпічакамі, такая самая шчыльная бясформеная вопратка, і, апрача таго, у кожнага з іх у руках быў доўгі кіек са сьпічаком на канцы. Сьпічак быў зроблен з таго самага мэталю, што і паданыя нам раней талеркі. Гэтыя чацьвера зараз-жа абкружылі нас, як толькі мы вышлі праз дзьверы ў асьветлены прастор.

Перад намі ішоў той таўстун, якому ўдалося аб’ясьніцца з намі і прымусіць нас устаць. Ён часам абарачваўся да нас і гэстамі запрашаў ісьці за ім. Яго птушкаваты твар у такіх выпадках па чарзе абарачваўся да мяне і да Кавора.

Мы пачалі аглядацца і ўбачылі, што моцны гул машын, які нас так цікавіў, узьнікаў іменна ў гэтым вялізарным памяшканьні. Высока над нашымі галовамі смутна мільгалі рухаючыя часткі нейкага вялізарнага, складанага мэханізму. Вагары і кола рухаліся па ўсіх бакох. Гэтыя машыны, як выявілася, ня толькі стваралі шум і гул, але і вылучалі тое таямнічае блакітнае сьвятло, якое зьдзівіла нас пры першым наведваньні селянітаў.

У мяне ў памяці застаецца толькі адзін, мабыць, галоўны мэханізм. У ім з цэнтру, адзін за адным, вырываліся мэталёвыя шпені з круглымі галоўкамі, якія апісвалі ў паветры параболічныя дугі, потым апускаліся ў вяртыкальны цыліндр, рухаліся разам з ім уніз, пасьля чаго зьнікалі ў блытаніне іншых частак мэха-