Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Між тым, дзьверы ззаду нас адчыніліся яшчэ больш, і я ўбачыў цэлы натаўп селянітаў.

— Паглядзеце, — сказаў Кавор, — яны хочуць нешта нам растлумачыць!

— Што датычыцца мяне, то я не магу нічога зразумець з іх гэстаў. Гляньце хоць-бы на гэтае тоўстае пужала. Ці бачылі вы калі-небудзь больш бяссэнсавыя рухі?

— Давайце ківаць галовамі. Магчыма тады яны растлумачаць больш зразумела!

Мы пачалі ківаць галовамі, як кітайскія балваны, але гэта ні кроплі не памагло. Тады мы папрабавалі пераймаць іх рухі. Атрымаўся той самы вынік. Яны ў сваю чаргу пераймалі нашы рухі. Урэшце, мы ўпэўніліся, што ўсе нашы патугі дарэмны, і ляглі нярухома. Некаторы час селяніты ажыўлена радзіліся паміж сабою. Потым адзін з іх, той самы таустун, на якога я раней зьвярнуў увагу, раптам лёг на падлозе, надаў рукам і нагам такое становішча, якое было ў ляжачага Кавора, і потым шпарка ўстаў на ногі.

— Кавор! — выклікнуў я, — яны хочуць, каб мы ўсталі!

Мы ўзьняліся на ногі. Селяніты рассунуліся, каб даць нам месца, і зашчабяталі больш ажыўлена. Як толькі мы ўсталі, да нас падышоў тоўсты селяніт, абмацаў сваімі хабатовымі рукамі нашы твары і пайшоў да дзьвярэй. Гэта таксама было досыць зразумела, і мы пайшлі за ім. Каля дзьвярэй стаяла чатыры селяніты, якія сярод астатніх выдаваліся больш высокім