Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— У гэты час вы, як відаць, прывыклі гуляць?

— Зусім правільна. Я ў гэты час дзіўлюся на захад сонца.

— Дазвольце вам не паверыць! Сёньня, напрыклад, вы...

— Так, сёньня! Дазвольце! Ах, так, так... Пра што-ж вы хацелі са мной пагаварыць?

— Іменна пра гэта. Так. Навошта вы гэта робіце? Кожны дзень вы прыходзіце сюды і гудзеце...

— Гуджу?

— Ды вось так, — і як можна дакладней я пачаў паказваць, як ён гудзе.

— Гм... Няўжо ў мяне зьявілася такая кепская прывычка?

— У гэтым няма ніякага сумненьня.

Ён узяў двума пальцамі ніжнюю губу і сказаў, разглядваючы лужыну каля сваіх ног:

— Я вельмі заняты важнай работай. А мо' гэтая гутарка вам не падабаецца, непатрэбна?

— О, не, — сказаў я, — ніколькі! Наадварот, я вам вельмі ўдзячны, але ўявеце сабе, што вы робіце справу, якая патрабуе пільнай увагі.

— А, — сказаў ён, — зразумела! — і задумаўся.

— Вы бачыце, — слабым голасам сказаў ён, — гэта ў мяне такая... прывычка. Я ведаю, што часам забываю аб сапраўднасьці. Я вам вельмі дзякую. Гэта трэба скончыць.

— Спадзяюся, што мая недалікатнасьць...

— О, ніколькі, ніколькі...