Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

тугі, спрытна зьнялі кайданы з маіх рук. Я зараз-жа ўзяўся за ежу. Белая матэрыя была вельмі сітавіднай, як усё органічнае на месяцы; яна па смаку напамінала вафлі і наогул зрабіла на мяне добрае ўражаньне. Я ня стаў царамоніцца і зараз-жа ўзяўся за месячны пачастунак.

Калі мы, урэшце, наеліся, селяніты зноў прымацавалі на нашых руках кайданы, але за тое паслабілі ланцугі на нагах настолькі, што мы маглі рухацца параўнаўча вольна. Потым яны зьнялі з нас ланцугі, якімі мы былі прыкаваны да паясных абручоў. Покуль яны вазіліся каля нас, ім некалькі разоў даводзілася нахіляцца да мяне настолькі блізка, што я каля самага свайго твару бачыў іх галовы ці мяккія хабаты, якія замянялі ім рукі. Я пасьпеў разгледзець, што ў іх на голавах меўся шэраг белых шчытоў, накіраваных наперад. Два другія шэрагі калючак ішлі ад патыліцы да вачэй. Селяніт, які ўзяўся за мае кайданы, часта карыстаўся сваім ротам, калі яму не хапала хобатаў-рук.

Мы спакойна падначальваліся ўсяму, што з намі рабілі селяніты. Калі яны прывялі ў поўны парадак нашы ланцугі, яны адышлі ад нас крокі на два і здаецца, пачалі наглядаць за намі. Я кажу «здаецца», бо іх вочы былі накіраваны ў бок і было вельмі цяжка вызначыць дакладна, куды іменна яны глядзяць. Так бывае цяжка вызначыць, куды глядзіць курыца ці рыба. Яны без перастанку перагаварваліся паміж сабою дзіўнымі шчабятлівымі гукамі.