Некаторы час мы абодва маўчалі. Урэшце, Кавор сказаў:
— Нас апусьцілі глыбей. Магчыма на некалькі тысяч футаў.
— Чаму вы так думаеце?
— Тут куды халадней, чымся наверсе. Апрача таго, нашы галасы крыху гучней, значыць, ціск паветра большы. Ці вы не заўважаеце адсутнічаньне шуму ў вушах? Калі паветра шчыльней, значыць мы знаходзімся глыбей ад паверхні месяца, магчыма на цэлую мілю…
— Людзі ніколі ня думалі пра тое, што ў сярэдзіне месяца можна жыць?
— Не. Хоць… Гэта дзіўна. Людзі-ж добра ведаюць, што месяц адрозьніваецца ад зямлі меншай удзельнай вагой; даўно вядома, што на яе паверхні амаль што няма вады і паветра, але ў той-жа час яна па сваім складзе не павінна адрозьнівацца ад зямлі, — сам напрашваецца вывад, што месяц унутры павінен быць парожнім.
— Галоўная бліжэйшая наша задача, — працягваў Кавор, — знайсьці спосаб аб’ясьніцца з імі. Нашай гутаркі яны, бязумоўна, не зразумеюць; нам застаецца толькі міміка… гэсты… Але ўсё гэта, напэўна, у іх інакш, чым у нас. Паказваць… Апрача малп і людзей,