Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

дзячы на грубую вопратку, адразу паказаліся нам, з земнага пункту погляду, надзвычайна тонкімі і няўстойлівымі.

Хоць, як я ўжо казаў, селяніт быў апрануты ў цяжкую нявыгодную вопратку, ён рухаўся ўперад досыць шпарка энэргічна дзейнічаў рукамі. Калі ён прабягаў каля нас, яго гэсты паказвалі вялікую зласьлівасьць, а калі ён зьнік за бліжэйшым хмызьняком, адтуль пачуўся рэў каровы, які хутка перайшоў у распачлівае выцьцё, мабыць, выкліканае жорсткім болем. Паступова гэтыя гукі пачалі аддаляцца і ўрэшце, сьціхлі. Напэўна пастух прыгнаў жывёл на агульную пашу.

Калі мы зноў убачылі месячных кароў, яны пасьвіліся ўжо далёка ад нас, на вялікай скалістай тэрасе. Там уся глеба была пакрыта асаблівага гатунку шчыльным, тлустым, плямістым, зялёным мохам, які жывёла з прагавітасьцю паядала. Некалькі імгненьняў мы глядзелі на кароў. Яны ляжалі брыдкімі камлыгамі і жавалі мох. Здавалася, што гэта вялізарныя камлыгі тлушчу, зашытага ў скуру, — да таго яны былі няўклюдымі і неувароткімі.

Яны так апэтытна жвалі і з такім задаваленьнем прыплюшчвалі вочы, што нашы парожнія страўнікі зноў энэргічна напаміналі аб сваіх правох.

Кавор з падвоенай шпаркасьцю папоўз далей. Я з сумам упэўніўся, што гэтыя плямістыя расьліны зусім няпрыгодны для ежы чалавеку, але ўсё-такі ўзяў крыху моху ў рот і папоўз усьлед за Каворам.