Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

жорлівая зяпа. Невялічкая храпа і вузкія шчыліны замест вачэй належна ўпрыгожвалі гэтых агідных жывёл. Мы бачылі вялізарную адтуліну разьзяўленай зяпы, з якой разам з дзікунскім рэвам на нас павеяў паганы струмень вільготнага цёплага дыханьня. Потым страшыдла лягло на бруха, перавярнулася на сьпіну, потым цяжка ўзьнялася на ногі і зьнікла, з шумам пракладваючы сабе дарогу скрозь шчыліны хмызьняку. Ледзь першая месячная карова пасьпела схавацца, як здалёк зьявілася другая, потым трэцяя, а за ёю на адзін момант паказаўся селяніт (жыхар месяца), які, мабыць, зьяўляўся пастухом.

У супроцьлегласьць месячным каровам, селяніт быў маленькага росту, ня вышэй пяці футаў, і напамінаў мне земную казюрку. Яго цела было настолькі шчыльна захавана ў вопратку, зробленую з нейкага грубога матэрыялу, падобнага на скуру, што зусім нельга было ўявіць сабе яго сапраўдную фігуру. Наогул, ён уяўляў сабою каранасты камок цьвёрдай матэрыі, быў падобным на складаную, вялікую казяўку, меў доўгія мацальнікі, падобныя на бізуны, а на галаве насіў вялікі шлем, ад якога ва ўсе бакі ішлі бліскучыя сьпічакі. Пазьней мы даведаліся, што гэтымі сьпічакамі селяніты карыстаюцца, каб калоць непаслухмяных кароў. Твар селяніта быў схаваны за вялікім цёмным шклом, — увесь яго вонкавы выгляд вельмі мала меў агульнага з чалавекам. У яго было нават нешта накшталт рук, але гэтыя абрубкі неяк нязграбна тырчэлі ў баку ад тулава, а яго кароткія ногі, ня гле-