Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана
X
Людзі заблудзіліся на месяцы

На твары Кавора таксама быў вялікі сполах.

— Я... ня ведаю, — сказаў ён.

Мы ў поўным неразуменьні глядзелі адзін аднаму ў вочы. Цяпер плошча кратэру вырасла ў нашым уяўленьні да вялізарных памераў, а ў дадатак загароды расьлін пасьпелі зрабіць яе зусім непраходнай.

— Божухна, мой! Якія мы з вамі дурні! — міжвольна вырваўся ў мяне выклік.

— Як-бы там ня было, але мы павінны знайсьці наш балён! — сказаў Кавор. — І знайсьці яго як мага хутчэй. Хутка сьпякота зробіцца нязноснай, а ў нас няма ні глытка вады. Апрача таго, я галодны...

— Так, — сказаў я жаласьлівым голасам. — Я таксама... Вельмі галодны...

Ён устаў і рашуча сказаў:

— Пойдзем шукаць!

Мы накіраваліся. З магчымай уважлівасьцю мы аглядалі бясконцы хаос каменьняў і расьлін, адчынены перад намі. Мы спрабавалі хаця прыблізна здагадацца, у якім кірунку можа знаходзіцца наш балён, але ўсё было дарэмна.

— Ён павінен знаходзщца адсюль не далей, як на сорак мэтраў, — сказаў Кавор. — Мы павінны абшукаць хмызьняк на гэтым прасторы і не заспакоіцца да таго часу, пакуль ня знойдзем балён! Інакш мы загінулі.