Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Я бачыў, што насустрач мне ляціць скала, на якой стаіць Кавор, а праз момант я сьціскаў гэтую скалу ў сваіх абдымках.

Я зусім не разумеў, што ўсё гэта азначае. Кавор крычаў мне нейкім пісклівым голасам, што тут трэба быць асьцярожным.

Толькі цяпер я ўспомніў яго папярэджваньні. Маса месяца ў восем разоў менш масы земнай кулі, а дыямэтр месяца ў чатыры разы менш дыямэтру зямлі. Дзякуючы гэтаму маё цела на месяцы важыла ў шэсьць разоў менш, чым на зямлі. Цяпер трэба было цьвёрда памятаць гэтыя абставіны.

Я асьцярожна, быццам цяжка хворы на раматус, выпрастаўся і стаў побач з Каворам. Балён цяпер ляжаў ад нас на адлегласьці ня менш трыццаці футаў.

Усюды, на колькі хапала зроку, у беспарадку ляжалі каменьні, паміж якімі выбівалася пышная расьліннасьць. Жыцьцё на месяцы сапраўды крынічыла. Кактусы зьмяніліся на сьвежую сіняватую зеляніну, сярод якой прыгожа стракацелі чырвоныя і аранжавыя паўзучыя расьліны з пазакручванымі мацальнікамі. Навокал стварыўся непраходны гушчар, з якога далёка, на адлегласьці некалькіх міль, узьнімалася вострая круча.

На гэтай кручы ня было прыкметна расьлін, але затое яна была пакрыта выступамі і тэрасамі. Цяпер мы заўважылі, што на месяцы ёсьць ня толькі паветра, але і вецер. Праўда, вецер быў надзвычайна слабы, але затое ён зьяўляўся сьцюдзёным. Мы стаялі