Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

хім і ціхім, бо паветра ўнутры балёну ўжо пасьпела значна парадзець. Ён раіў мне выпіць шклянку віна і нават сам паказаў прыклад. Я паслухаў яго парады і хутка адчуў сябе бадзёра. Я зноў крыху адчыніў века. Шум у вушшу некалькі ўзмацніўся, але сьвісту паветра ня было. Аднак, я не давяраў сваім вушам і чакаў.

— Ну, — пачуў я слабы голас Кавора. — Вы ня хочаце працягваць?

Замест адказу я пачаў адшрубоўваць века. Праз некалькі імгненьняў круглае цяжкае шкло ўжо ляжала ў сярэдзіне балёну, каля нашага багажу.

Тады Кавор высунуўся з балёну, перакінуў праз край адтуліны ногі, якія апынуліся на адлегласьці толькі шасьці футаў ад глебы месяца. Невялікае хістаньне, потым… кароткі скачок — і ён ужо стаяў на месяцы, каля балёну.

Ён крыху прысеў і скокнуў. Мяне надзвычайна зьдзівіў яго скачок. Справа ў тым, што ён адразу адляцеў ад балёну футаў на дваццаць ці трыццаць.

Ён цяпер стаяў на высокай кручы і жвава паказваў нешта рухамі. Магчыма, што ён і крычаў што-небудзь, але гук яго голасу не далятаў да мяне. Аднак, ліха яго ведае, як ён зрабіў такі скачок?!

Я пасьпяшыў таксама вылезьці з балёну. Калі я ўстаў на ногі, дык якраз каля мяне была невялічкая канаўка, напоўненая вадою ад талага сьнегу. Я хацеў праз яе пераскочыць, — напружыўся крыху і… паляцеў па паветры!