Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

зрабілася шырэйшаю, вырасла ў дугу, і ад яе паліліся на нас яркія, цёплыя праменьні дзённага сьвяціла.

За шклянымі сьценкамі балёну чулася шыпеньне паветра, якое кіпела і выпарвалася. Разам са сьвятлом і гукамі зьявіўся рух. Наш балён раптам перавярнуўся. Мы зусім не спадзяваліся такое нечаканкі і, вядома, паваліліся. Балён яшчэ раз перавярнуўся. Шыпеньне і сьвіст узмацніліся за шклом, усё кіпела і вар’яцела. Паветра таяла і клёкатала, як сьнег, у які апусьцілі накаленае да чырвані жалеза. Пад жыватворчымі сонечнымі праменьнямі цьвёрдая маса адразу абярнулася ў вадкую, брудную кашу, а яна ў сваю чаргу са сьвістам і клёкатам абярнулася ў газ.

Стыхійны рух атмосфэры захапіў наш балён. Мы ледзь пасьпелі схапіць адзін аднаго за рукі, як балён закружыўся, і мы некалькі разоў перакуліліся адзін праз аднаго. Здавалася, што мы трапілі ў кацёл з кіпучым малакам. Я ляжаў бадай што абамлелы. На наш балён звалілася вялізарная камлыга замерклага паветра і пахавала яе пад сабою: але вось гэтая камлыга пачала кіпець, выпарвацца. Я ўжо бачыў пухіркі газу, які вырываўся з вадкага паветра.

Потым магутны паток талага паветра падхапіў наш няшчасны балён, закружыў яго як трэску ў віры, і мы пакацілася па нейкаму пакату, усё шпарчэй, шпарчэй...

Мы ляцелі ўнутры балёну, моцна абняўшы адзін аднаго, тоўхаліся галовамі, — нашы пакуты і скрынкі бязьлітасна білі па нашых бедных целах. Калі-б мы былі на зямлі, дык пасьля такога мілага вандраваньня