Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Неба. Ужо робіцца блакітным. На чорным фоне зьяўляюца блакітныя прасьветы. Бачыце, яно сьвятлее, зоры быццам расплываюцца і растуць. Хутка настане сапраўдны дзень!

Сапраўды дзень шпарка надыходзіў. Пад сонечнымі праменьнямі шпарка, адзін за адным, таялі ўзгоркі і кручы — расплываліся ў клубы шэрага туману. Кручы адступалі ўсё далей і далей і, урэшце, зусім зьніклі сярод хаосу абуджанай прыроды. Навакол было відаць толькі адзін усхваляваны туман, у якім патанулі апошнія адзнакі месячнага краявіду.

Шэрая непранікальная сьцяна злучылася вакол нашага балёну. Яна агарнула нас, як цень хмары, надышоўшы з паўднёвага захаду.

Раптам Кавор схапіў мяне за руку.

— Сонца ўсходзе! Сонца! Бачыце?!

Ён паказаў рукой на ўсход. Я глянуў туды і ўбачыў цынамонавыя кручы, толькі што выступіўшыя з туману. Але цяпер гэтыя кручы палалі. Па іх несьліся ўгару пурпуровыя языкі полымя, якія стыкаліся, узьвіваліся, і зьнікалі ў глыбіні небаскляпеньня. Я думаў, што гэта адлюстраваньне сонечнага сьвятла ў хвалях вадкага паветра, але ў сапраўднасьці гэта была сонечная карона, якую на зямлі бачыш вельмі рэдка, дзякуючы гушчыні паветра.

І потым зьявілася сонца!

Спачатку па небасхіле працягнулася бліскучая паласа, потым выплыла вузкая лінія, асьветленая нязносным яркім зьзяньнем. Гэтая лінія акруглілася,