Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

бадай што старчковыя скалістыя сьцены. З захаду падаў слабы прамень нябачнага для нас сонца і асьвятляў шэры хаос брудных каменьняў, паміж якіх там-сям бялеў сьнег. Потым выявілася, што гэтыя каменьні знаходзіліся ад нас на адлегласьці ня менш дванацці міль і што іх лепш было-б назваць кручамі, але ў той час, дзякуючы адсутнасьці паветра, мы думалі, што яны ўзьнімаюцца амаль што поплеч з намі. Навакол мы бачылі безьліч грэбеняў, выступаў, узгоркаў, верхавін, і ўсё гэта было ахутана таямнічым шэрым дымам, аж да разьзяўленай чарнаты неба. Там-сям выдаваліся конусы нейкай белай масы. Спачатку я думаў, што гэта сьнег, але потым выявілася, што мы бачылі камлыгі цьвёрдага замерзлага паветра.

Мы яшчэ не пасьпелі добра агледзецца, як з вялікай шпаркасьцю прышоў месячны дзень. Сонечныя праменьні паступова спаўзьлі ўніз, датыкнуліся белай масы, якая ляжала каля іх падэшваў, нанесьліся проста на нас. Кручы раптам ажылі, захісталіся: пад яркімі праменьнямі сонца са дна кратэру ўзьняўся густы шэры туман, закружыліся хмары. Урэшце, усё навакол нас задымілася, як мокрае сукно, павешанае перад агнём. Заходнія кручы ледзь мігцелі за гэтай посьцілкай пары.

— Гэта паветра! — выклікнуў Кавор. Гэта абавязкова паветра, інакш пара ня ўзьнімалася-б з такой шпаркасьцю пры першых сонечных праменьнях.

— Глядзеце!

— Што такое? — запытаў я.