Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

штора адчынілася, і... я паваліўся тварам і грудзьмі на шкло. Пада мною відаць была зямля.

Выявілася, што мы адляцелі яшчэ вельмі недалёка: Кавор вызначыў адлегласьць у 800 міль. Зямля займала амаль што ўвесь бачны ў гэтым напрамку прастор. Цяпер было зусім выразна відаць, што зямля зьяўляецца куляю. Я ня мог адрозьніць абрысаў сухазем’я, але ў заходняй частцы земнай кулі цёмным срэбным бляскам адлівалася вялізарная водная плошча Атлянтычнага акіяну. Мне здалося, што я праз хмары бачу абрысы ўзьбярэжжа Францыі, Гішпаніі і паўднёвай Англіі, але ў гэты момант штора зачынілася і я паволі папоўз па гладкім шкле.

Потым адчынілася штора ў напрамку да месяца, і зноў месяц апынуўся «ўнізе», у нас пад нагамі, а зямля, наша родная зямля, недзе далёка «ўгары».

Дзякуючы зьмененым умовам прыцяжэньня, вага прадметаў значна зьменшылася, і нам даводзілася ў нашым балёне траціць так мала жыцьцёвай энэргіі, што праз 6 гадзін пасьля нашага адпраўленьня з зямлі мы яшчэ не адчувалі патрэбы ў харчу. Кавор агледзеў прыборы, прызначаныя для паглынаньня выдыхнутай вуглякіслаты і для аднаўленьня чыстага паветра, і знайшоў, што мы скарысталі надзвычайна мала тлёну.

З тае прычыны, што гутарыць нам зусім ня было аб чым, мы разаслалі свае коўдры і аддаліся дзіўнай напоўдрамоце, якая ўжо даўно скоўвала наша цела.