Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Людзі?! — выклікнуў Кавор. — Ну, гэта вы выкіньце з галавы! Ён мёртвы, безнадзейна мёртвы! Там ёсьць вялізарныя даўно згаслыя вульканы, ёсьць без канца і краю сьнегавыя пустыні, можна сустрэць камлыгі замерзлага паветра ці цьвёрдай вуглякіслаты, і ўсюды глыбокія шчыліны, равы, прорвы. Але жыцьця там няма. З зямлі людзі наглядалі месяц пры дапамозе дасканалых тэлескопаў, і ведаеце, якія зьмены яны заўважылі на ім амаль што за 200 год? Два вялікіх абвалы і адзін новы кратэр. Апрача таго, устаноўлена, што з невядомай прычыны месяц пэрыодычна крыху зьмяняе афарбоўку. Вось і ўсё. Але пры гэтым ня было знойдзена амаль нічога, што паказвала-б на існаваньне на месяцы жыцьця наогул і менш за ўсё — людзей.

— Так, да рэчы! — сказаў я. — Якога памеру прадмет на месяцы можна выразна бачыць з зямлі ў самы моцны тэлескоп?

— Можна было-б бачыць царкву сярэдняга памеру. Ва ўсякім разе можна было-б бачыць гарады, дамы, розныя будынкі, створаныя рукамі чалавека. Магчыма, што там існуюць казяўкі, накшталт, напрыклад, мурашак, якія хаваюцца ў глыбокіх норах ад месячнай ночы, ці стварэньні, зусім невядомыя ў нас на зямлі. Калі на месяцы наогул ёсьць жыцьцё, дык апошняе меркаваньне самае праўдзівае. Вы падумайце аб розьніцы паміж умовамі жыцьця на зямлі і на месяцы! Вы толькі ўявеце сабе, што там жывым стварэньням давялося б прыстасоўвацца да дню,