Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

цямней. Мяне зусім ня зьдзівіла тое, што, гледзячы «ўніз», я пад нагамі бачыў месяц. На зямлі «ўніз» азначае той кірунак, па якім падаюць усе прадметы, а «ўгору» — кірунак адваротны. Цяпер, калі на нас дзейнічала сіла прыцяжэньня не зямлі, а месяца, разуменьне «ўніз» і «ўгору» трэба было прыстасоўваць да месяца таксама, як пры зачыненых шторах у балёне «ўніз» азначала кірунак да агульнага цэнтру знутры балёну, а «ўгору» — да акружыны балёну.

У дадатак на зямлі мы прызвычаіліся да таго, што сьвятло ідзе «згары» ці збоку, а тут сьвятло лілося «зьнізу», з-пад ног, і для таго, каб бачыць свой цень, нам трэба было глядзець ўгару.

Дзякуючы адсутнасьці паветра, цяпер месяц здаваўся куды большы, чым з зямлі, і сьвяціўся значна ярчэй. Я простым вокам лёгка адрозьніваў усе падрабязнасьці асьветленай месячнай паверхні. Мала гэтага, з прычыны таго, што ўсё неба было густа ўсеена зоркамі, можна было выразна бачыць абрысы цёмнай, неасьветленай масы месяца.

Праз некаторы час я запытаў Кавора, ці могуць нас цяпер бачыць з зямлі.

— З зямлі нас цяпер нельга ўбачыць ні ў які тэлескоп, нават у самы моцны.

Некалькі хвілін мы абодва глядзелі на месяц, які паступова рос перад нашымі вачыма. Я загаварыў першым.

— Гэта цэлы новы сьвет. Магчыма і на месяцы ёсьць жыцьцё, магчыма ёсьць нават людзі…