Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

абалонку. У лютым мы атрымалі і вонкавы сталёвы балён. Строга кажучы, гэта быў ня правільны гладкі балён, а цэлая маса злучаных простакутных роўніц, з якіх кожная зьяўлялася рухомай сталёвай шторай. Шкляны балён паставілі ў ніжнюю палову абалонкі, зьверху на яго апусьцілі другую палову і пачалі абедзьве змацоўваць у адно цэлае.

Між тым, мы пакрывалі шторы і рамы шчыльным пластам масы, з якое пасьля павінен быў атрымацца каворыт. Калі сьлясарныя работы былі скончаны, Кавор запрапанаваў разабраць дах нашай часовай лябораторыі і пабудаваць плавільную печ вакол сталёвага балёну. Такім чынам, павінна была адбыцца апошняя рэакцыя: награваньне пакладзенай на сталь каворытнай масы ў струмені гэлію.

Пасьля гэтага мы падрабязна абмеркавалі пытаньне, што іменна нам трэба ўзяць з сабою ў дарогу, і склалі доўгі сьпіс, у які ўвайшлі консэрвы харчу, розныя эсэнцыі, сталёвыя цыліндры са сьціснутым тленам, прыбор для паглынаньня вуглякіслаты і сьціснутага паветра, апарат для здабываньня тлену з надтленьніку натрыю, конденсатары для вады, электрычныя акумулятары і інш. Я памятую, што ўсе гэтыя прадметы занялі цэлы кут у лябораторыі. Там былі пляшкі, пакункі, скрынкі і г. д., сапраўдны склад.

І вось надышоў момант, калі ўся наша работа была скончана. Мы падпалілі вытапную печ, каб зрабіць апошнюю рэакцыю.