Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Ня ведаю. Магчыма. Апрача таго, мы можам і не абмежавацца адным месяцам. Каму ня цікава зьлятаць, напрыклад, на Марс? Уявеце сабе: зусім новыя пэйзажы... адчуваньне поўнай незалежнасьці...

— А на Марсе ёсьць паветра?

— Ёсьць.

— А далёка да Марса?

— Каля 200 мільёнаў міль, — адказаў Кавор. — Па шляху туды мы праляцімо недалёка ад сонца... Таксама вельмі цікава...

Мяне, урэшце, усяго ахапіла фантазія.

— Гэта цудоўна! Гэта дзівосна! — выклікаў я, размахваючы рукамі. — Мне нават ня сьнілася такая раскоша! Мы зараз-жа павінны ўзяцца за работу! — І мы адразу пабеглі ў лябораторыю.

Прайшла ноч, занялося на золак, а мы ўсё сядзелі за плянамі. Кавор рысаваў, я тушаваў і маляваў. Усё было брудна, намалёвана сьпешна, але ўсё было дакладна. У той-жа дзень да вечара мы скончылі эскізы сталёвых рам і штор і паслалі заказ на сталяліцейны завод. Праз тыдзень ужо былі гатовы дакладныя пляны шклянога балёну. Мы працавалі, колькі нам дазвалялі сілы, і ледзь-ледзь урывалі хвіліны на ежу і сон, дый то толькі тады, калі не маглі ўжо стаць на нагах ад стомленасьці.

Мінула некалькі месяцаў, і наш балён з проектаў абярнуўся ў сапраўднасьць. У студзені цуг коняй прыцягнуў нам шкляны балён, які мы зараз-жа зьмясьцілі пад пад’ёмны кран, каб увесьці балён у сталёвую