Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ўпала-б зноў на зямлю, але ўсё жывое да таго часу абавязкова павінна было-б затхнуцца. З гэтае прычыны зварот паветра ня даў-бы людзям ніякае карысьці.

— Што-ж вы цяпер думаеце рабіць?

— Раней за ўсё пры дапамозе рыдлёўкі пазбавіцца таго бруду, які пакрыў мяне з галавы да ног. Калі вы дазволіце, я ў вас памыюся, а потым мы пагутарым дэталёва. Цяпер апошняе пытаньне. На рамонт майго дому патрабуецца некаторы час; ці не дазволіце вы мне з гэтае прычыны пасяліцца ў вас?

Я, вядома, зараз-жа згадзіўся.

— Калі ласка, усё, што ў мяне ёсьць, лічыце сваім. А покуль дазвольце вам прапанаваць пачысьціцца.

Мы накіраваліся да рэшткаў оранжарэі і саскрэблі з сябе бруд.

Я парашыў не парываць зносін з Каворам і паранейшаму прымаць блізкі ўдзел у яго справах. Мяне толькі непакоіла думка аб тым, ці зможам мы справіцца з такой магутнай сілай, як гэты каворыт, але і гэтае пытаньне я пакінуў на вырашэньне будучага часу.

Мы ўзяліся за рамонт дому і лябораторыі Кавора. На мае нясьмелыя запытаньні, як-жа мы будзем далей дзейнічаць, Кавор адказаў жартамі.

Аднак, і з маёй дапамогаю, як чытач убачыць пазьней, нам давялося перанесьці шмат цяжкасьцяй і няпрыемнасьцяй.