Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

сонца зьнік, на небе зьявіліся алавяныя хмары, па зямлі лётаў вар’яцкі вецер; дрэвы былі павалены.

Я кінуў вокам назад і ўбачыў, што мой дом застаўся на старым месцы; потым я пайшоў да паваленых дрэваў, пад якімі зьнік Кавор.

З-за хаосу аголеных галін мільгалі языкі полымя.

Чапляючыся за тоўстыя галіны, я пераходзіў ад аднаго дрэва да другога, але ўсё-ткі Кавора не знаходзіў. Урэшце, я заўважыў, што пад абломкамі, сьмецьцем і галінамі нешта варушылася. Я накіраваўся туды, але не пасьпеў яшчэ дайсьці, як з гэтага хаосу ўзьнялася чарнаватая маса, вакол якой хісталася бясформенае рызьзе. Я прыгледзіўся больш уважліва, і ў гэтым камячку бруду апазнаў Кавора, які цяпер напружваў усе сілы, каб ачысьціць вочы і рот ад гліны. Убачыўшы мяне, ён закрычаў:

— Павіншуйце мяне! Я… перамог!..

З тае прычыны, што ён у той момант выглядзеў далёка не пераможцам, я міжвольна падумаў, што моцны зрух адбіўся на яго мазгох, і асьцярожна запытаў:

— Ці ня ведаеце вы, з якой прычыны ў вас здарыўся выбух?

— Упэўніваю вас, што ніякага выбуху ня было. Усё тлумачыцца вельмі проста. Справа ў тым, што я па неасьцярожнасьці атрымаў мой каворыт у выглядзе тонкага пласта, на вялікай плошчы. Вы-ж ведаеце, што ён па маіх разьліках павінен быць зусім непранікальным для энэргіі цяжэньня?