Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Потым ён запытаў мяне, як мы перасоўваемся на зямлі, і я апісаў яму нашы чыгункі і параходы. Яго надзвычайна зьдзівіла, што мы пачалі скарыстоўваць пару толькі год сто таму назад.

Але на ўладара месяца моцнае ўражаньне зрабіў брак розуму людзей, падтрымліваючых нявыгоднасьць розных моваў.

Яны хачуць зносіцца, і ў той-жа час ня хочуць гэтага, — сказаў ён, і потым пачаў падрабязна і доўга распытваць мяне пра вайну.

Спачатку ён быў зьдзіўлены і не хацеў верыць. У поўным неўразуменьні ён спытаў:

— Вы хочаце сказаць, што вы шлындаеце па паверхні вашага сьвету, сьвету, багацьце якога вы яшчэ зусім ня выкарысталі, і забіваеце адзін аднаго, аддаеце адзін аднаго на зьяданьне дзікай зьвярыне?

Я сказаў яму, што гэта іменна так.

Ён папрасіў расказаць яму падрабязнасьці, якія-б дапамаглі яму зразумець незразумелае.

— Аднак, ці пры гэтым ня псуюцца вашы судны і вашы бедныя маленькія гарады? — запытаў ён, і я адчуў, што разбурэньне пабудоў на яго робіць такое-ж уражаньне, як забойства.

— Раскажэце мне пра гэта як мага больш, — сказаў уладар месяца, раскажэце так, каб перада мною настаў пэўны малюнак. Я не магу сабе ўявіць усяго гэтага.