Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зьвіліны. Пад гэтым вялізарным пухіром, якраз на ўскрай трону, я з жахам убачыў два невялічкіх вокі, якія глядзелі на мяне з зьзяньня. Твару ня было, а былі іменна два вокі, якія глядзелі, быццам скрозь адтуліны. Спачатку я нічога ня бачыў, апрача гэтых двух невялічкіх, непарушных вачэй, потым я заўважыў пад імі маленькае, мізэрнае тулава, члены якога былі зморшчаныя, блядыя і напаміналі члены казяўкі. Вочы глядзелі на мяне з дзіўнай паглынаючай увагай, і ніжэйшая частка вялізарнай галавы была пакрыта зморшчкамі. Маленькія, слабыя мацальнікі падтрымлівалі гэтую фігуру на троне…

Калі я дасягнуў невялікай пляцоўкі, якую аддзялялі ад трону ўсяго каля дзесяці ўсходак, дзівосныя гукі музыкі сьціхлі, і я апынуўся над натаўпам, пад поглядамі ўладара месяца.

Ён уважліва аглядваў першага чалавека, трапіўшага ў яго царства…

Пасьля невялікай паузы пачалося прывітаньне. Мне памаглі вылезьці з насілак, і я стаяў, засаромлены, у той час, як перада мною два стройныя селяніты, як відаць, намесьнікі ўладара, выконвалі шераг дзіўных, але, бязумоўна, глыбока сымболічных гэстаў.

Энцыклёпэдысты-вучоныя, якія ішлі разам са мною да ўваходу ў тронную пячору, цяпер разьмясьціліся справа і зьлева, на дзьве ўсходкі вышэй мяне, гатовыя служыць весткамі ўладару месяца. Блядая галава Фі-у зьявілася напалове адлегласьці паміж мною