Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дробныя, зьнікаючыя ў гэтым зьзяньні служкі, якія падтрымлівалі яго, а ніжэй, вялізарным паўколам стаялі яго духоўныя служкі, служкі памяці, служкі лічэньня, наогул выдатныя па інтэлекце казяўкі месячнага двара. Яшчэ ніжэй стаялі праваднікі і ганцы, потым бязьлікія ўсходцы трону былі поўныя вартаўнікоў, а каля асновы трону хваляваўся вялізарны натоўп больш дробных прадстаўнікоў месячнай арыстократыі.

Калі я увайшоў у прадапошнюю пячору, пачуліся гукі музыкі. Гэтыя гукі расьлі, пашыраліся, урэшце, загучэла дзівосная мэлёдыя. Крыкі гэрольдаў сьціхлі.

Мяне ўнесьлі ў апошнюю самую грандыёзную пячору.

Мая процесія расчынілася, як веер. Праваднікі і вартаўнікі разышліся направа і налева, а трое насілак, у якіх зьмяшчаліся я, Фі-у і Цзі-пуф, праплылі сярод сьветлай напоўцемры да вялізарнай лесьвіцы. Навакол узьнялося зьвіненьне, з якім зьмяшаліся гукі музыкі. Мае два спадарожнікі зьлезьлі з насілак, але мне загадалі сядзець, напэўна, у выглядзе асобага гонару. Музыка сьціхла, але зьвіненьне працягвалася, і бесьперапыннае, аднастайнае ківаньне некалькіх тысяч галоў зьвярнула маю ўвагу на вышэйшае стварэньне, якое, відаць было нада мною ў блакітным зьзяньні.

Калі я ўпяршыню заглянуў у гэтае зьзяньне, гэты «центральны» мозг паказаўся мне непразрыстым пухіром, пад якім, як відаць, рухаліся нейкія цёмныя