Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
XXI
Уладар месяца

Прадапошняе паведамленьне апісвае сустрэчу Кавора з уладаром месяца.

„Уявеце сабе самае вялікае памяшканьне, у якім калі-небудзь быў чалавек. Гэта памяшканьне слаба асьвечана сіняватым сьвятлом, зьмякчаным шэравата-блакітным туманам. Памяшканьне поўна шэрымі і пакрытымі мэталёвым бляскам стварэньнямі самага фантастычнага выгляду. Уявеце сабе, што за гэтым памяшканьнем, у канцы якога знаходзіцца вялізарная адчыненая арка, адчыняецца памяшканьне яшчэ большае, потым яшчэ больш грандыёзнае і г. д. Здалёк, у тумане, узьнімаецца шырокая лесьвіца, прычым гэта лесьвіца паступова зьнікае ў далечы. Чым больш набліжаешся да гэтае лесьвіцы, тым вышэй яна здаецца. Урэшце, я мінаваў апошнюю вялізарную арку, убачыў верхавіну гэтай лесьвіцы, а на ёй уладара месяца на яго троне.

Ён сядзеў абкружаны асьляпляючым блакітным зьзяньнем. Дзякуючы цемнаце, стваралася ўражаньне, быццам ён плавае сярод сіня-чорнай пустэчы. Спачатку ён здаўся мне невялікай сьветлай хмарай, якая акутала хмуры трон. Яго галава ў дыямэтры мела некалькі аршын. Ня ведаю чаму, але з трону, на якім ён сядзеў, блакітныя пражэктары выкідвалі праменьні сьвятла, — ён быў абкружаны вянцом зьзяньня. Яго абкружалі