Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

няўхільна адбываюцца перарывы, і, па спосабе селянітаў, вельмі проста вырашаецца беспакойнае пытаньне аб «беспрацоўных».

Другі шлях ідзе праз вялізарную, цяністую пячору, заўсёды напоўненую шумам. Тут я бачыў месячных жанчын, якія выглядвалі з шасьцікутных адтулін сьцяны, падобнай на мядовыя соты, ці гулялі па вялікім адкрытым пляцу за гэтай сьцяной, выбіраючы цацкі і амулеты, прыгатаваныя мастакамі-ювэлірамі. Гэтыя жанчыны — важныя стварэньні, размаляваныя фантастычна, часамі вельмі прыгожа. Яны трымаюцца горда і маюць мікроскопічна малыя галовы, на якіх адзначаюцца вялізарныя раты.

У селянітаў, як у мурашак і пчол, большасьць складаюць асобы бязродавыя.

На месяцы такое становішча стала нормальным, і ўвесь неабходны прырост насельніцтва даецца асобай нешматлікай клясе месячных матак, буйнымі стварэньнямі, на дзіва прыстасаванымі да свайго прызначэньня.

Месячныя жанчыны ня здольны карміць сваіх дзяцей; пэрыоды неразумнай мяккасьці зьмяняюцца ў іх пэрыодамі зласьлівасьці, даводзячы іх да актаў гвалту, а таму маленькіх селянітаў, зусім мяккіх, падобных на блядыя анучы, як мага раней перадаюць на догляд да незамужніх самак, жаночым «работніцам», якія часамі маюць мозг, па сваім разьвіцьці, ня меншы за мужчынскі».