Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шляху. З доўгай, цёмнай, зьвілістай галярэі мы выйшлі ў шырокую, нізкую пячору, у якой адчуваўся пах зямлі і якая, параўнаўча, была асьветлена досыць ярка. Сьвятло ішло ад нейкіх губчатых, блядых расьлін. Некаторыя з іх былі на дзіва падобны да нашых земных грыбоў, але яны дасягалі росту вышэй чалавечага.

— Гэта ядуць? — запытаў я Фі-у.

— Так, гэта харч, — адказаў ён.

Я убачыў фігуру надзвычайна вялікага і нязграбнага селяніта, які нярухома ляжаў сярод расьлін.

— Памёр? — запытаў я.

— Не! — адказаў Фі-у. — Ён рабочы, работа няма. Даем маленькае лякарства, тады сьпіць, покуль яго не патрэбна.

Хутка выявілася, што ўся вялікая пячора напоўнена гэтымі нярухомымі фігурамі, усыпленымі зельлем да таго часу, покуль месяцу патрабуецца іх праца. Тут было сабрана шмат розных відаў. Мы маглі паварачваць некаторых з іх, і я атрымаў магчымасьць разглядваць іх бліжэй, чым звычайна. Калі я іх паварачваў, яны шумна дыхалі, але не прачыналіся.

Усё гэта гаворыць толькі аб дзіўнай прывычцы ўспрыймаць уражаньні. Усыпіць часова непатрэбнага рабочага і адкінуць яго ў бок, бязумоўна, куды лепш, чым выкінуць яго з фабрыкі на вуліцу, кінуць яго ў кіпцюры голаду. У кожнай складанай соцыяльнай грамадзе, пры спэцыялізаваньні працы, у рабоце