Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзіўнай грамадзе арыстократыяй, на чале якой стаць, як цэнтр, як квінт-эсэнцыя месячнага сьвету, той дзівосны, вялізарны клубок нэрваў, уладар месяца, якога я хутка ўбачу. Неабмежаванасьць разьвіцьця мысьліцельнага апарату інтэлегентных клясаў тлумачыцца тым, што ў селянітаў няма цьвёрдых чэрапных касьцей, няма той дзіўнай касьцяной скрынкі, у якой замкнёны чалавечы мозг і якая ставіць разьвіцьцё чалавечага мазгу ў строга вызначаныя рамкі.

Месячная арыстократыя падзяляецца на тры галоўныя клясы, якія вельмі адрозьніваюцца адна ад аднэй, як па становішчы, так і па выглядзе. Раней за ўсё трэба назваць адміністратараў, да ліку якіх належыць Фі-у і якія ўладаюць шырокай ініцыятывай; кожны з іх адказвае за пэўны кубічны кавалак месячнай масы. Потым ідуць спэцыялістыя, як той селяніт, якога клікалі для разьвязаньня непаразуменьняў у часе маіх лекцый. Гэтыя селяніты маюць кожны сваю асобную спэцыяльнасьць. І, урэшце, вучоныя прадстаўнікі і хавальнікі ўсякіх ведаў. Да апошняй клясы належыць Цзі-пуф, першы профэсар моваў на месяцы. На месяцы няма ні запісаў, ні кніжак, ні бібліотэк. Там усе веды хаваюцца ў разьвітых мазгох. Палац колекцый і бібліотэку брытанскага музэю на месяцы замянаюць жывыя мазгі.

Вучоныя амаль што ўсе замкнёны ў непранікальнае, апоплексычнае самазадавальненьне, з якога іх можа вывесьці толькі адмаўленьне іх вучонасьці. Звычайна іх водзяць маленькія вартаўнікі ці служкі, да зьдзіў-