Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваецца, паветра ўзьнімаецца на паверхню, у кратэр, дзе расьліны паглынаюць з яе вуглякіслату, у той час, як большая частка нагрэтага паветра цыркулюе па галярэях і замяняе сьцюдзёнае сьціслае паветра, якое ідзе з неасьветленай сонцам часткі месяца. Такім чынам, у галярэях бесьперапынна рухаецца паветра на ўсход, а ў капальнях у час месячнага дню паветра ідзе ўгару. Увесь гэты рух паветра, бязумоўна, робіцца вельмі складаным, дзякуючы зьвілінам галярэй дасьціпным вынаходніцтвам селянітаў.

XX
Прыродная гісторыя селянітаў

Тэлеграмы Кавора, пачынаючы ад шостай і да семнаццатай, настолькі адрывачныя, у іх так многа паўтарэньняў, што з іх вельмі цяжка скласьці больш-менш складнае апавяданьне.

Думаю, што я досыць высьветліў, у чым падабенства бачаных мною селянітаў з людзьмі: у тым, што яны ходзяць на задніх канечнасьцях, якіх у іх чатыры. Селянітаў ён называе «зьвярынамі», хоць яны, бязумоўна, не падыходзяць ні да аднэй клясы земных стварэньняў. Ён памінае, што «на зямлі казяўкі, на шчасьце людзей, ніколі не разьвіваліся далей, параўнаўча, малых памераў». Самыя буйныя земныя казяўкі, што жывуць у наш час і што вымерлі, ніколі ня мелі ў даўжыню больш за шэсьць футаў. «Але тут,