Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

адчуваць яго цяплыню. Я не памятаю ўсіх прыкладаў, якія паказваў Кавор, але дастаткова і гэтых.

Галоўную ўвагу ён накіраваў на тое, што ўсе вядомыя целы «пранікальны» для сілы цяжэньня. Чалавек можа зрабіць пласьцінкі, праз якія ня можа пранікаць сьвятло, цяплыня, электрычнасьць і г. д., але ён ня зможа аслабаніць якое-колечы цела ад уплыву цяжэньня, г. зн. цяжару.

Ён меў намер атрымаць гэтакую матэрыю шляхам сплаву розных мэталяў з гэліем.

Кожны чалавек зразумее, які пераварот павінна зрабіць падобная цудадзейная матэрыя. Калі, напрыклад, трэба падняць цяжар, дык, які-б вялікі ён ня быў, дастаткова зьмясьціць пад ім невялічкі кавалачак гэтай матэрыі, і яго лёгка можна падняць саломінкай. Я ўяўляў скарыстаньне такога прынцыпу ў ваеннай, морскай справе, на чыгунцы, у розных галінах вытворчасьці. Я няясна адчуваў, што выпадкова даведаўся пра адчыненьне, якое павінна мець сусьветнае значэньне. Са зьдзіўленьнем упэўніўся я ў тым, што гэты невялічкі чалавечак меў на ўвазе толькі адну ўрачыстасьць тэорыі. Аб прыктычным баку справы ён ня думаў.

Паступова я яго ўсё-ткі давёў да таго, што ён пачаў сур’ёзна абмяркоўваць плян монопольнага таварыства па вырабе каворыту (так мы парашылі назваць новую матэрыю). Ён павінен быў рабіць каворыт, а я клапаціцца аб яго збыце і скарыстаньні.