Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я зразумеў, што мне давядзецца чакаць покуль надыйдзе дзень, — лёг і у момант заснуў, як забіты. Калі я прачнуўся, навакол мяне было сьветла. Балён ужо не калыхаўся па хвалях, а стаяў нярухома. Я прыціснуўся тварам да шкла. Выявілася, што хвалі выкінулі мой балён на жвірыстую мель. Здалёк відаць былі дамы і дрэвы. Сапраўдныя земныя дрэвы!!.

Я шпарка ўскочыў на ногі і захістаўся. Уваходная адтуліна прыходзілася ў мяне над галавой. Я з вялікай цяжкасьцю пачаў адшрубоўваць века. Пасьля некалькіх абаротаў века, па шрубовай нарэзцы ў балён пачало праходзіць звонку шчыльнае паветра, прычым пачулася быццам нейкае сіпеньне, якое я чуў на месяцы, калі з балёну выходзіла шчыльнае паветра. Але цяпер я ўжо не чакаў, покуль ціск вонкавага паветра параўнаецца з ціскам у сярэдзіне балёну. Я шпарка адчыніў века і паклаў яго да сваіх ног. Перада мною сінела роднае неба!

Зьмена паветранага ціску ўсё-ткі дала сябе адчуць. Я задыхаўся. Грудзі ўздымаліся настолькі моцна, быццам у ім працавалі кавальскія мяхі. Я захістаўся і павінен быў сесьці. Але гэтае няпрыемнае становішча працягвалася толькі некалькі сэкунд. Хутка я ачуняў, устаў і ўзяўся рукою за край адтуліны, каб вылезьці вон.

Пры гэтым рэзкім руху балён закалыхаўся, лёг на бок, і я зноў паваліўся.

Апынуўшыся на пяску, я адчуў, што ўсё маё цела быццам налілося волавам. Земнае прыцяжэньне да-