Перад вачыма падарожных выніклі зусім новыя малюнкі. Першае, што ўбачыў тут Лявонка, яго моцна зразіла. Цэлая грамада людзей, сухіх, як скураты, худых — адны косьці, тонкіх, як палкі, з глыбока запалымі вачыма, кудысь беглі, кагось лавілі. Як ні прыглядаўся Лявонка, ён ня мог прымеціць, за кім гналіся гэтыя няшчасныя. Ці гэта былі проста шалёныя? Яны абганялі адны другіх, штаўхаліся, кусаліся зубамі, некаторыя падалі ад зьнемажэньня й слабасьці. Іх тапталі нагамі, і яны больш не паднімаліся, наравіліся ўстаць, але ня было сілы. Яны ўміралі, а жывыя ўсё беглі і беглі. Вось яны спыніліся, зьбіліся ў адну кучу, і між імі пачалася страшэнная, жудасная бойка. Людзі зьвіліся ў адзін клубок, качаліся па зямлі і штось вырывалі з рук адзін у другога.
— Дзядзечкі! што гэта яны робяць? — запытаўся Лявонка.
— А гэта, хлопчыку, галодныя людзі. Яны гналіся за пацуком і вось цяпер злавілі яго, і кожны стараецца вырваць ад другіх гэты здабытак, — сказаў Новы Год.
— Глядзеце, глядзеце! — прамовіў Вецер. Вунь самы шчасьлівы з іх: ён вырваў пацука і з якім смакам рве яго зубамі і глытае цэлымі кавалкамі.
Лявонка адвёў вочкі ў другі бок, закрыў свой тварык і плакаў.
— У цябе добрае сэрца, сынок, — сказаў Новы Год. — А можа ты, сынку, ня хочаш пазіраць на голад?
— Не, я ня буду плакаць, я хачу бачыць усё.
І яны паляцелі далей. Дарога іх ляжала над страшнаю пустэляю, дзе ня было нічога. Усюды валяліся трупы