Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ах, якія вы добрыя, дзядзечкі, — казаў ён сваім спадарожным.

Месячык сьвяціў з сярэдзіны неба, сьвяціў так ярка, што на зямлі зрабілася сьветла, як у дзень. Перад імі вынікалі гарады, мястэчкі, сёлы. Людзі спалі, бо было ўжо позна. Па вуліцах снавалі яшчэ нябачаныя Лявонкам нейкія цені. Яны былі неспакойны, суятлівы, бегалі, варушыліся, чагось шукалі, спрачаліся, махалі рукамі, часта накідваліся адны на другіх, біліся і грызьліся і ўсё ўзіраліся на людзкія памяшканьні.

— Што гэта? — запытаўся Лявонка.

А гэта — людзкія Згрызоты, — адказаў Новы Год. — Вунь, бачыш, гэты вяртлявы цень? Гэта — людзкі Клопат, разам з ім па бакох ідуць Зайздрасьць, а гэта вось, з пазелянеўшым тварам, — Злосьць.

— А вось гэты суятлівы цень, што так неспакойна ўглядаецца ў вокны дамоў, як галодны сабака, і настаўляе вушы і нюхае носам, гэта — Небясьпека. Яна хоча падслухаць неасьцярожнае слова, каб пацягнуць каго да астрогу. А гэты цень, абвешаны шаблямі, пісталетамі, крывавы і страшны, гэта — Вайна. З ёю, бачыш, што з голым чэрапам і ўпалымі шчокамі, гэта — Голад. Яны снуюцца між людзей і не даюць ім жыць спакойна. Цэлы рой ценяў праводзіць вайну. Гэта — розныя Хваробы.

— Ух, дзядзечкі! як тут страшна! — сказаў Лявонка. — Мне прыкра пазіраць на людзкія Згрызоты.

— Умей, сынку, сьмела і спакойна сустрачаць няшчасьце, — адказаў яму Новы Год.

І раптам зьніклі перад імі гэтыя вуліцы і гэтыя надаедныя страшныя цені.