яе былі невясёлыя. Дый з чаго ім быць вясёлымі, калі нават нечым спаткаць Новы Год? Тата хадзіў ад сьцяны да сьцяны сур‘ёзны і нахмураны.
А на дварэ бушаваў вецер. Як відаць, ён быў чымся нездаволен. Можа ён гневаўся за тое, што ніхто ня слухаў яго, бо тое, што ён казаў, на яго погляд было вельмі цікава. Ён залятаў у комін, выў, сьвістаў, заліваўся жудасным сьмехам. Але і на гэта ніхто не зварачваў увагі. Тагды ён пачынаў біць у вакяніцы, стукаць у дзьверы і бегаць па даху.
— Чаго гэта шуміць так вецер? — спытаў Лявонка.
На яго запытаньне ніхто ня даў адказу.
Але тут сталася такое дзіва. Дзьверы ў хату адчыніліся, і на парозе зьявілася вельмі фацэтная фігура, высокага росту, такога высокага, што ў хаце яна мусіла стаяць прыгнуўшыся. Ногі ў яе былі птушыныя, рук зусім ня было — іх замянялі крыльлі. Цікавей усяго быў яе твар і галава. Галава, праўда, была чалавечая, але надта вялікая. Нават для свайго росту гэта фігура мела залішне вялікую галаву. Гэты незнаёмы госьць меў такія доўгія і тоўстыя губы, што нельга было пазіраць на іх, каб не засьмяяцца. Наогул сказаць, ня гледзячы на ўсе гэтыя нязвычайна цікавыя злучэньні, госьць зусім ня быў страшны. І ніхто ў хаце не зьвярнуў на яго ўвагі. Адзін толькі Лявонка ня стрымаўся і пачаў сьмяяцца. Незнаёмы госьць падышоў да яго бліжэй. Вялізарныя губы яго таксама расплыліся ў самую вясёлую ўсьмешку.
— Чаму ў цябе, дзядзька, такія сьмешныя губы? — запытаў яго Лявонка.