Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кіньма гаварыць! чорт яе бяры з сьмерцю, — сказаў Грышка, падняўся, азірнуўся і пачаў сьвістаць, каб адагнаць паганыя думкі.

Хлопцы сьціхлі і задумаліся.

Было тут у дубох адно месца, дзе Базыль любіў сядзець, пазіраць і думаць.

Гэта было тое месца, дзе над абрывістым берагам Нёмана стаяў стары, прысадзісты, таўсты дуб. Ад доўгіх часаў бераг, падмываны вадою, паволі асоўваўся і агаляў тоўстае карэньне старога дуба. Сам гэты дуб крыху пахіліўся набок, як падгуляўшы гаспадар, а аголены і працягнуты пад вадою яго корань здаваўся нагою, і выходзіла здалёк так, што дуб зьбіраўся перабрысьці Нёман. Сеўшы на гэтым корані, Базыль пазіраў, як беглі дробныя хвалі, як зьвівалася ў вадзе доўгая раса; вада то ўздымала яе, то апускала, то раскідала ва ўсе бакі і гуляла ёю, як вецер дымам.

Каля самага берагу стаяў у вадзе голы лазовы ражон. Ён тое і рабіў, што борзьдзенька ківаўся пад напорам вады. І ніколі ня меў спачыну гэты ражон: і ў дзень і ў ночы ківаўся ён, як багамольны жыд. Хіба можа зімою, як маразы скуюць лёдам ваду, адпачыне гэты пахілак-ражон.

Базыль пазіраў і думаў.

А вакруг было ціха. І Базылю здавалася, што ён чуе сьпевы гэтай цішыні. Доўга ён прыслухоўваўся, але сьпевы былі нейкія невясёлыя, і яму стала маркотна: усё йшло, здавалася яму, сваёю дарогаю і жыло сваім жыцьцём, сярод каторага ён пачуў сябе чужым.