
У СТАРЫХ ДУБОХ.

элы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе Нёмна.
Такіх дубоў цяпер рэдка дзе ўбачыш. Іх не чапіла рука людзкая, толькі доўгія часы палажылі на іх свой сьлед — пячаць глыбокай старасьці. І многа ўсякіх зьмен часаў, бачылі гэтыя нямыя сьведкі прошласьці! Жыцьцё многіх людзкіх пакаленьняў прайшло перад імі і праходзіць, бы тыя хвалі Нёмна, што пакручастым зьмеем абвівае тут іх сялібу, іх высокі, роўны груд; а яны ўсё стаяць, спакойныя, важныя, і жывуць сваім асобным жыцьцём. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і сьпякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а яны спакойны, як чалавек, каторы ўсё пераведаў на сьвеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцьця, апроч сьмерці. Зваленыя-ж на дол таўстыя камлі з асмаленымі з нізу жараламі іх таварышаў напаміналі жывым аб апошняй іх долі.
У леце пачыналася ўжо тая чуць значная зьмена, той паварот часу, калі жыцьцё прыроды йдзе на ўбытак. Скошаны луг і раскіданыя курганамі стагі, парыжэлыя ад дажджоў і сонца, ужо гаварылі — аб гэтым уміраньні. Буслы зьбіраліся ў чароды і доўга стаялі