Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За самавольства забаранілі яму гуляць на дварэ. Але Міхалка не абразуміўся.

Куды там! Ён задумаў такую рэч, што ўсе дзівіцца будуць. А покі-што ціхачом ён рыхтаваўся споўніць тое, што задумаў. У самы глухі куток пад ложкам, дзе нават венік служанкі іх, Насты, рэдка калі зазіраў, складаў Міхалка розныя прыпасы на дарогу, бо Міхалка задумаў уцякаць адгэтуль. Тут ён запасіў з восем кусочкаў цукру, акрайчык хлеба з асушкам. Праўда, хлябок высахне, але Міхалка знайдзе ў дарозе крынічку і размочыць яго. Усе гэтыя прыпасы ляжалі на газэце, каторую Міхалка цішком узяў са стала. Разам з гэтымі прыпасамі ляжаў мячык і чалавек з гумалястыкі, у каторага трэба было толькі дзьмухануць, каб ён загукаў, як жывы. Усё гэта Міхалка адкраў ад Лідачкі. Мячык і чалавечка ён дасьць сваім сябром, бо хто-ж ідзе з гораду без гасьцінца? Асталося толькі пашыць торбачку, каб забраць увесь скарб з-пад ложка. А там… ад аднэй гэтай думкі лёгка рабілася на сэрцы.

А наўперад ён яшчэ па дарозе зайдзе ў тую вёску, дзе яго брат служыў летась. У гэтай вёсцы Міхалка згубіў многа грошай — капеек пятнаццаць медзякамі. А найсьці іх лёгка, бо Міхалка, як цяпер, бачыць тое месца, дзе згубіў іх; не знайшоў-жа іх тагды затым, што скора перабіраліся ў горад і ня было калі пашукаць, як належыць быць.

Доўга ня мог заснуць Міхалка ў суботу вечарам перад Сёмухай: заўтра рана, досьвіта, выбярэцца ён у дарогу. У тых думках, што цяпер мятушыліся ў яго галаве, трудна было разабрацца… Э, ды што!