Міхалка доўга пазірае ў вакно. У канцы ў яго не хапае сілы працівіцца кліку вясны, і ён, азірнуўшыся, каб яго не затрымаў хто, ціха выходзіць на двор.
Прытуліўшыся дзе-небудзь каля вугла, доўга стаіць Міхалка. У гэтыя мінуты ён нічога ня думае. Ён толькі чуе, як прыемнае цяпло песьціць яго маленькае цельца. І добра так і радасна на сэрцы. А што робіцца на душы, то гэтага і ня скажаш. Толькі часамі замігацяцца родныя зьявы далёкай вёскі, дзе Міхалку так вольна жылося, і сэрца неяк ападзе, калі ўспомніць ён сваё тут жыцьцё. Там, на вуліцы, чуваць, як тупаюць па тратуарах ногі, як грукаюць капытамі па бруку коні, як шуміць і гудзе многагалосы горад.
Доўга стаіць так Міхалка. Потым, ні з таго ні з сяго, захочацца прабегчыся, і ён, як куля, рванецца на двор, ганяецца за верабейчыкамі, покі братавая ня крыкне на яго, каб ішоў забаўляць Лідачку.
Усе чары прападаюць у яго душы і, уздыхнуўшы, нехаця пляцецца ён у хату. А тут яшчэ горай апануюць яго думкі, яшчэ мацней пацягне яго на двор, Яшчэ з большаю сілаю, яшчэ ярчэй устануць прад вачыма дзіўныя малюнкі роднай вёскі.
Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краю гораду. Глухаватая вуліца, наабапал якой ляпіліся дзервяныя домікі, скора выхадзіла за горад, у поле. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэту вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Раз ён, выбегшы на вуліцу, адышоўся ад дому. Тут ён ужо ня мог стрымацца і пабег да таго ўзгорку, што вясёла пазіраў жоўтым скатам сваіх пяскоў. Міхалка ўзьляцеў на гэты ўзгорак. У нізе расьцілаўся го-