
„ДЗЕРАВЕНШЧЫНА“.

к яно будзе далей, сказаць трудна. Скарэй усяго, што кепска; і сам Міхалка так думае, стоячы на каленках па некалькі разоў на дзень.
Ён ужо кінуў і жаліцца сабе самому на сваю долю і пакорна згінаў калені ў куточку. І гэты куточак стаўся яму нават блізкі, як-бы родны. Ды яно й ня дзіва: тое месца, дзе ронім мы першыя сьлёзы і пакідаем частку сябе самых, становіцца дарагое для нас. А ў гэтым кутку Міхалка многа чаго перадумаў. І адзін толькі ён, гэты куток, знаў усе яго думкі, бо пагаварыць тут няма з кім.
Ох, гэты горад! На пакуту сюды ўзялі малога Міхалку. А горш за ўсё, дык гэта тое, што ніхто тут яго не шкадуе, ніхто за яго не закіне слова. А часамі выскачыць ён на двор, куды забяжыць зьнячэўку які сабака, можа такі самы няпрыхільнік у горадзе, як і сам Міхалка, — каб хоць з сабакам адвясьці душу. І толькі пачне Міхалка заводзіць знаёмства з ім, кінуўшы яму перад гэтым кусочак хлеба (а хлеба, ня ўкраўшы, ня возьмеш), як ужо братавая барабаніць рукою ў шыбу.
Міхалка ўжо ведае, што яму рабіць: ідзе ў хату і займае свой куточак, становячыся на калені. Сам