Перайсці да зместу

Старонка:Першыя крокі (1925).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

луталася ў павуціне, а павук ужо рыхтаваўся, каб высмактаць з яе ўсе сокі. І што мне рабіць? Чаго стаіць гэты пракляты воўк? Чаму ён ня душыць мяне? Чаго ён мучыць?

А воўк, як-бы насьмяхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім зьвярыным поглядам.

Мімаволі я пачаў памаленечку адступаць назад, ня спушчаючы вачэй з воўка. Воўк нічога — стаіць!, Мне стала чуць лягчэй. Я ступіў назад яшчэ, яшчэ. Ужо крокаў дваццаць адышоўся я такім парадкам. Воўк чуць-чуць ужо відаць, але не варушыцца.

Павярнуўся тагды я — у аднэй руцэ палка, у другой збан з дзядзькавым полуднем — і як засмаліў, як прылёг! Азірнуўся назад тагды толькі, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха і важна, думаючы аб тым, як павясьці дома апавяданьне аб гэтым выпадку.

На дварэ мяне сустрэціў Галас і кінуўся да мяне кулём.

— Ідзі, ідзі: я цябе пачастую!

І як толькі Галас хацеў падскочыць, каб лізнуць мяне ў твар, я злосна штурхануў яго нагою.

— А каб ты апруцянеў, нягоднік ты!

Я ўвайшоў у хату.

— Чаму-ж ты вярнуўся, — спытала мяне мама.

Я стаў расказваць, што было ў дарозе.

Расказваў я далёка ня так складна, як гэта было ўжо злажылася ў маёй галаве.

Матка выслухала мяне ўнікліва, але не сказала таго, што ўсё гэта спатканьне — плод майго палахлівага ўяўленьня.