нецца і пойдзе на Просьцінку, дзе ўчора адбылася бойка Чорана з Лысым. Там, напэўна, застане ён сьвераноўцаў. Ну, тагды вы трымайцеся!
Юзік ужо даўно пагнаў стадка. Вось і сьняданьне адбылося, і хата апусьцела — усе парасхадзіліся.
Цімох сабраўся цішком, нікому нічога не сказаўшы. Ён вышаў з двара проста на поле і сьценкаю, прыкульгваючы, пашыбаваўся ў Крыніцы на Залесьсе. Вось і лес і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасьць і надзея.
Нават сам Цімох парадаваўся, гледзячы на гэты стажок. Вунь там, каля тых дубоў, і Просьцінка. Цімох накіраваўся туды.
Юзік ужо быў там і чакаў Цімошку.
— Няма, — адказаў Юзік панура, таксама набраўшыся злосьці на сьвераноўцаў.
— Чакай-жа, — сказаў Цімох: — заварачай стадка, пагонім у Чартавіцу: дзе-небудзь напаткаем іх, паганцаў!
Юзік паслушна завярнуў стадка. Кароўкі ў парадку адна за другою пацягнуліся ў лес. У сярэдзіне, збоку, важна ступаў Чоран, як-бы тэй бойкі і зусім ня было. Хлопцы моўчкі йшлі ззаду з помстаю ў сэрцы.
Сьвераноўцаў нідзе не знайшлі.
Дзень ішоў к вечару.
Было хмурна, дзьмуў халодны вецер.
Цімохава абурэньне крыху ўляглося. Было холадна. Хацелася есьці. Таксама давала сябе чуваць і нага.
— Пагонім, брат Юзік, на Залесьсе.
— Пагонім, — згадзіўся Юзік і нават павесялеў, бо спатканьне з сьвераноўцамі яго ня вельмі прыцягала.